Інтэрвію інтэрнэт-часопісу НЕОMUSIC

Маладая музычная кроў паціху ўліваецца ў беларускую рок-плыню. І паспяхова шукае і знаходзіць свой голас. Мінскі фолк-рокавы гурт РОКАШ за 4 гады існавання паспеў паўдзельнічаць ў шматлікіх айчынных рыцарскіх мерапрыемствах, з'ездзіць на фолк-фэст у Чарэмшу, што ў Польшчы, выйграць спецыяльны прыз канала «Культура» на конкурсе маладых выканаўцаў, зайграць «сольнік» у Маскве і распаліць FLЁUR у беларускай сталіцы… Натуральна, што гэта толькі пачатак творчага шляху. Наперадзе, напрыклад, удзел у адборачным конкурсе Global Battle of the Bands і запіс дэбютнага альбому. Пра гэтыя і іншыя важкія падзеі ў жыцці гурта мы гутарым з басістам, бэк-вакалістам і аўтарам тэкстаў РОКАША Лявонам Казаковым.
— Ці адчуваеце вы сябе самі маладым гуртом, знаходзячыся на сцэне ўжо 4 гады?
— Пытанне сталасці і маладосці гурта з'яўляецца шмат у чым вельмі ўмоўным. І калі яно і актуальнае, дык, пэўна, для каго заўгодна, апроч удзельнікаў гурта. Якія крытэрыі ставіць пад азначэнне сталасці? Наяўнасць альбому? Наяўнасць праграмы? Колькасць гадоў існавання гурта? Невядома. Таму і няма сэнсу тлуміць сабе галаву гэтым усім. Зрэшты, зразумела, што калі твой гурт лічаць маладым, дык і праблемаў адпаведна больш дадаецца. У тым ліку і з арганізацыяй канцэртаў.

— А ці цяжка на Беларусі быць маладымі людзьмі?
— Лёгка яно, пэўна, нідзе не бывае. Добра там, дзе нас няма. Таму нельга сказаць, што жыццё маладога чалавека на Беларусі надта цяжкое, нельга сказаць, што яно суперлёгкае… Гэта жыццё, усе цяжкасці якога перакрываюцца адным фактарам, імя якому Беларусь…
— Вы часта граеце на ўрачыстых і тэматычных мерапрыемствах, святах, якія маюць багатую гісторыю і важкасць для беларускага народу. Якія падзеі і чырвоныя даты календару асабліва шануюцца гуртом?
— Калі зараз пачаць пералічваць усе тыя даты і падзеі, якія маюць для нас значэнне, то спіс атрымаецца надзвычай вялікі, бо нашая беларуская гісторыя багатая на важкія падзеі. Зрэшты, для кожнага з удзельнікаў гурта яны свае. Асабіста ж для мяне асаблівую важкасць маюць святы традыцыйнага беларускага календара. У прыватнасці, такія святы, як Каляды, Купалле, Дзяды. Цяжка ў сучасных умовах урбанізаванага свету ісці шляхамі нашых продкаў. Але надышоў час адраджаць беларускую традыцыю, бо ў цяперашнія часы панавання ў свеце глабалізацыйных тэндэнцыяў дзеля таго, каб не страціць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, неабходна звярнуцца да традыцыйных каштоўнасцяў нашага народа.
— А ці ёсць у вас нейкія ўласна важныя вехі?
— Зразумела так. Гурт — гэта як чалавек, які мае сваё жыцце і непаўторныя вехі ў гэтым жыцці. Першая рэпетыцыя, першы канцэрт, першая запісаная песня, спадзяюся, што ў хуткім часе мы будзем святкаваць і з'яўленне першага альбому — усе гэтыя падзеі надзвычай важныя для нас. Апошнім часам у нашым гурце адбылася і яшчэ адна прыемная падзея, з якой я не магу не павіншаваць нашу чароўную вакалістку — Паліну Дулінец. У яе нарадзілася дзіця. Няхай жа і ў Паліны і ў яе маленькай дачкі жыццё будзе светлым і сонечным.
— Вы падрыхтаваліся да свята выхаду вашага дэбютніка?
— Пакуль што не можам вызначыць дакладную дату выхаду альбому. Матэрыялу для яго ажно зашмат, але пакуль што мы эксперыментуем з гукам, каб вызначыць аптымальную мадэль запісу і звядзення альбому. Безумоўна, для гэтага, а таксама і непасрэдна для запісу спатрэбіцца нейкі час. Але галоўнае тое, што ўжо выпрацаваная канцэпцыя альбому. Працоўная назва — «Вяртанне». У яго павінны ўвайсці апроч нашых кампазіцыяў, якія слухачы ўжо маглі чуць на канцэртах, таксама і некалькі абсалютна новых песень, што дагэтуль нідзе не выконваліся. Зрэшты, частку з іх мы плануем прэзентаваць на наступных канцэртах…
— Шмат хто з людзей старэйшых памятае іншы гурт РОКАШ, які напрыканцы '80-ых існаваў у Наваполацку. Ці лічыце вы сябе пераемнікамі таго гурта? Як атрымалася, што вы таксама ўзялі гэтую назву?
— Само па сабе слова «Рокаш» прыйшло з нашай слаўнай гісторыі і пазначае аб'яднанне шляхты ў імя абароны інтарэсаў дзяржавы насуперак Вялікаму князю. Мы ўзялі гэтую назву таму, што яна цудоўна адпавядала першапачатковай ідэі гурта, датычылася слаўнай гісторыі беларускай зямлі, а таксама адчувалася ў гэтым слове нейкая такая магутнасць, моц. Да таго ж ёсць у гэтым слове схаваны сэнс. Асабіста для мяне — гэта своеасаблівае ментальнае паўстанне чалавека супраць зменлівых умоваў часу. Накшталт: «Не стоит прогибаться под изменчивый мир — пусть лучше он прогнется под нас». Калі я прапанаваў гэтую назву ўсім удзельнікам гурта, яна прыйшлася даспадобы. Толькі недзе праз гады паўтара мы даведаліся аб існаванні на мяжы '80-х і '90-х іншага — наваполацкага гурта РОКАШ. Цяжка сказаць, ці адчуваем мы сябе яго пераемнікамі. Мы граем іншую музыку, але гэтак жа сама крочым сцяжынаю беларускага року. Таму, хутчэй, мабыць, не пераемнікамі, а паплечнікамі.
— Многія з вашых удзельнікаў граюць у іншых праектах. Яны ўсе беларускаскіраваныя?
— Я таксама з'яўляюся басістам гурта THE DIM SUN, наш гітарыст — Алесь Акульчык — гітарыст і вакаліст гурта LIKE A GOSSAMER, флейтыстка — Вольга Драпеза — грае ў гурце SONCAVAROT. Усе гэтыя гурты граюць у пэўнай ступені экстрэмальную музыку. І хаця некаторыя лічыць, што беларуская мова не вельмі прыдатная для яе, я з гэтым катэгарычна не згодны. Зрэшты, можна прыгадаць і нашых сяброў гурт ZNICH, якія ўжо больш за 10 год плённа працуюць на ніве беларускамоўнага металу. На маю думку, мова — больш чым проста сродак камунікацыі, бо гучанне мовы ў значнай ступені адлюстроўвае ментальнасць яе носьбіта. Таму для мяне натуральнае і бадай што адзіна магчымае выражэнне ў песнях думак, эмоцыяў, вобразаў менавіта на роднай беларускай мове. Я адчуваю яе так, як ніколі не адчую ніводную з замежных моваў…
— Калі мы загаварылі пра ідэю, то варта прыгадаць вашу некалі прынятую канцэпцыю лірыкі, прысвечанай Вялікаму княству Літоўскаму. Але апошнім часам стала больш абстрактных, хай сабе гэткіх сама рамантычных філасофскіх тэкстаў….
— Так, раней лірыка была прысвечана адлюстраванню аднаго гэтага перыяду, але цяпер яна стала больш разнастайнай. Напэўна, у ёй з'явілася больш паэзіі. Я не бачу ў гэтым нічога кепскага. Гэта натуральны працэс развіцця творчасці. У пэўны момант мне стала неяк цеснавата трымаць яе ў пэўных рамках, таму я гэтыя рамкі і разбурыў. Песні сталі больш асабістымі, лірычнымі, але яны не выпадаюць з агульнай канцэпцыі творчасці гурта. На нашых канцэртах побач арганічна выглядаюць як і песні, прысвечаныя нашай гісторыі, песні з выразнай патрыятычнай афарбоўкай, напрыклад, такія, як «Крумкач», «Запалі агонь», так і больш асабістыя, лірычныя, таямнічыя «Крылы», «Восень», адна з нашых новых кампазіцыяў «У тваіх вачах» і інш. Разнастайнасць яшчэ на маёй памяці нікому не шкодзіла…
— Ты — гісторык паводле адукацыі і паэт на пакліканне, які перыяд і якія постаці ў беларускай гісторыі цябе найбольш уражваюць і натхняюць?
— Надта вабіць мяне ў беларускай гісторыі перыяд XIV–XV стагоддзяў — росквіт Вялікага княства Літоўскага. Безумоўна, шмат у чым падсвядома я імкнуся яго для сябе рамантызаваць, аднак нават аб'ектыўна гэта быў цудоўны час — час герояў, волатаў, час велічы беларускай дзяржавы. А са славутых постацяў таго перыяду мне імпануе персона вялікага князя Альгерда. Дарэчы, ён згадваецца і ў нашай песні «Рокаш».
— Ведаю, што вы мелі досвед сольнага канцэрту ў Маскве. Як там ўспрынялі вашу музыку, мову, канцэпцыю? Я чула, што ў Расіі ёсць пэўнае кола менавіта рускіх маладзёнаў, якіх цікавіць беларуская гісторыя, асабліва ВКЛ і Рэч Паспалітая…
— Мы былі прыемна здзіўлены, калі пачулі на канцэрце ў Маскве беларускую мову. Пасля канцэрту мелі шчасце пазнаёміцца з гэтымі людзьмі. Яны стала жывуць у Расіі, але ад гэтага не перастаюць заставацца беларусамі. Яны дбаюць пра сваю культуру, мову, нацыянальную ідэнтычнасць, і з гэтага мне падалося, што ёсць падставы лічыць іх нават большай беларусамі, чым пераважную частку насельніцтва тэрыторыі Беларусі. Буду рады, калі нехта з іх цяпер чытае гэтае інтэрв'ю. Хлопцы, вам прывітанне ад гурта РОКАШ! А наконт канцэпцыі, мовы, музыкі ды і ўвогуле ўспрымання ў Маскве беларускай культуры магу сказаць, што з гэтым праблемаў няма. Беларускую музыку, асабліва тую, якая мае фолькавае ці этнічнае адценне ўспрымаюць проста цудоўна і з вялізнаю цікавасцю. Чаго толькі варты поспехі такіх гуртоў як СТАРЫ ОЛЬСА, ТРОІЦА, OSIMIRA…
— Вы часта ўдзельнічаеце ў адборах. У хіт-парадзе Тузіна Гітоў спрабавалі два гады прарвацца на Басовішча. Сёлета — Be Free i Glоbal Battle of the Bands. Для чаго вам гэта патрэбна?
— Нам падабаюцца рознага кшталту оўпэн-эйр фэсты. У свой час у Польшчы мы ўдзельнічалі ў фэсце Spotkania folkowie. Надта было прыемна. Увогуле падобныя фэсты маюць своеасаблівую непаўторную атмасферу нейкай такой усеагульнай еднасці, братэрства і сяброўства, якая нараджаецца пры дапамозе музыкі. І гэта файна. Аднак нельга сказаць, што трапіць на падобныя фэсты для нас з'яўляецца самамэтай. Проста мы хочам, каб як мага большая колькасць людзей пазнаёмілася з нашай творчасцю. А таксама нам цікава памерацца сіламі з іншымі прадстаўнікамі маладога беларускага року. Як там: «людзей паглядзець ды сябе паказаць»…
— А тое што менавіта адборы вам не ўдаюцца, можа, звязана з тым, што беларусы не ўмеюць рабіць правільны выбар і наогул не маюць культуры выбіраць?
— Не стаў бы я так казаць. Наш народ не горшы за іншыя. Ды і ўвогуле, калі нешта не атрымоўваецца, не варта скідваць усе на знешнія фактары. Проста трэба больш працаваць, каб нашы песні знайшлі водгук у кожным сэрцы. Вось тады ўсе будзе файна…
— Выдатна, што вы так крытычна ставіцеся да ўласнай дзейнасці, аднак я з большага пажартавала. Адкажы яшчэ, як на тваю думку, РОКАШ — гэта музыка толькі для моладзі?
— Я не лічу так, бо на нашы канцэрты прыходзяць людзі самага рознага ўзросту. Увогуле не люблю ўсялякага роду падлікаў, статыстыкі ды іншай трасцы. Нас слухаюць тыя, хто ўмее самастойна думаць і любіць Беларусь. І няхай жа такіх людзей будзе болей на нашай зямлі!
НЕОMUSIC